Папярэдзіць хваробу лягчэй, чым лячыць
02.05.2025На працягу некалькіх тыдняў, з 8 па 26 красавіка ўключна, мабільны ФАП Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы пабываў ва ўсіх арганізацыях і на прадпрыемствах райцэнтра для правядзення дыспансерызацыі работнікаў.
Дыспансерызацыя дарослага насельніцтва, якая праходзіць у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2024 № 173, набывае зручныя для людзей формы. Напрыклад, выязныя.
У канцы мінулага года ў ЦРБ з'явіўся мабільны ФАП, што дазволіла прайсці дыспансерызацыю жыхарам аддаленых населеных пунктаў раёна. А зараз спецыялісты ў белых халатах з візітам наведаюцца ў арганізацыі раёна.
Першымі выпрабавалі на сабе перавагі праходжання дыспансерызацыі практычна без адрыву ад вытворчасці супрацоўнікі РУП ВКХ, гаргаза і гартопа райцэнтра. Услед за мабільным ФАПам адправілася і карэспандэнт раённай газеты “Полымя”. Сёння згодна з графікампрыём пацыентаў Белдзяржстраху, раённых вузлоў паштовай і электроннай сувязі праводзяць урач функцыянальнай дыягностыкі, загадчык аддзялення прафілактыкі Вольга Баршчэўская і фельчар-акушэр Юлія Няборская.
Вольга Іванаўна адзначыла:
– Наша сацыяльна арыентаваная дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для таго, каб людзі жылі з камфортам, карысталіся разнастайнымі сучаснымі выгодамі і, самае галоўнае, былі здаровыя. Справа за малым. Кожны, хто пражывае ў райцэнтры, на тэрыторыі раёна ў абавязковым парадку павінен кантраляваць стан здароўя і клапаціцца пра сваё самаадчуванне сістэмна і паслядоўна. А для гэтага неабходна рэгулярна праходзіць дыспансерызацыю.
Падчас размовы ўрач адзначыла, што асноўная частка насельніцтва праходзіць дыспансерызацыю ў райпаліклініцы ці амбулаторыы. А выязны агляд – добрая альтэрнатыва: у рабочы час чалавек на працы, кіраўніцтва арганізацый разумее важнасць такой формы медыцынскага абследавання і ідзе насустрач, арганізуе і нацэльвае работнікаў.
Фельчар-акушэр Юлія Няборская дадае:
- Дыспансерызацыя накіравана на першасную прафілактыку і дазваляе выявіць фактары рызыкі захворванняў. Для гэтага трэба знайсці час прыйсці ў медустанову і сумленна адказаць на шэраг пытанняў. Абапіраючыся на атрыманую інфармацыю, доктар ці памочнік урача, які працуе на прыёме, накіроўвае пацыента да вузкіх спецыялістаў, а таксама на аналізы или дополнительные обследования.
Мы не так даўно пачалі праводзіць выязныя абследаванні, але ўжо можна назваць адну тэндэнцыю – у многіх пажылых людзей выяўляецца цукровы дыябет 2 тыпу, пра які яны не ведалі. Павышанае ўтрыманне глюкозы ў крыві выяўляецца падчас лабараторных даследаванняў. Цукровы дыябет –сур'ёзнае захворванне, якое патрабуе лячэння і назірання. Таму пацыентам абавязкова трэба звярнуцца да свайго тэрапеўта па назначэнні.
Начальнік аддзелаМНС Карэліцкага раёна Дзяніс Стадольнік сказаў:
- Пры ўсёй важнасці такіх працэдур людзі часта адкладваюць іх з-за шчыльнага графіка работы: для таго, каб наведаць урача, трэба вылучыць дзень і пайсці ў паліклініку. Таму, калі кіраўніцтва раённай медустановы прапанавала дыспансерызацыю работнікаў на месцы працы, а дакладней у поўнай меры выкарыстаць магчымасці ФАПа на колах, мы вырашылі падтрымаць гэтую ініцыятыву. Лічу, што кожны кіраўнік павінен быць зацікаўлены, каб яго работнікі былі здаровыя і шчаслівыя. Бо толькі здаровы калектыў можа дасягнуць высокіх вынікаў і паспяхова вырашаць усе пастаўленыя задачы.
Сваё здароўе –гэта, вядома, справа кожнага. Але і не толькі. Здаровая нацыя – залог моцнай дзяржавы, а ранняя дыягностыка – важкі аргумент у тым, каб своечасова прадухіліць горшыя наступствы верагоднага зыходу ўзніклай праблемы. Таму не варта баяцца ісці да ўрача. Баяцца трэба абыякавага і безуважнага падыходу да сябе самога.
источник: https://www.polymia.by