Год добраўпарадкавання. Не спыняемся на дасягнутым

07.11.2025
Год добраўпарадкавання. Не спыняемся на дасягнутым

Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Дзятлаве адбыліся адразу некалькі знакавых адкрыццяў. Адно з іх – увод пасля рамонту ў эксплуатацыю памяшкання лабараторыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, духавенства, адміністрацыя і калектыў райбальніцы.

Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка павіншаваў прысутных з важнай падзеяй у жыцці калектыву і надыходзячым дзяржаўным святам:  

– У Беларусі самая пільная ўвага надаецца ахове здароўя грамадзян: здаровыя людзі – здаровая і моцная краіна. На Дзятлаўшчыне шмат робіцца для аховы здароўя і сацыяльнай сферы раёна ў цэлым. Здаецца, зусім нядаўна мы адзначалі завяршэнне капітальнага рамонту адміністрацыйнага паверху раённай бальніцы, а сёння адкрываем пасля рамонту лабараторыю. Не спыняемся на дасягнутым, і ў бліжэйшай будучыні чакаецца адкрыццё абноўленага флюараграфічнага і новага мамаграфічнага кабінетаў паліклінікі. Усе гэтыя факты пацвярджаюць тое, што работа ў раёне ў гэтым напрамку пастаянная і грунтоўная. Ад імя Дзятлаўскіх райвыканкама і Савета дэпутатаў віншую вас з сённяшняй знамянальнай падзеяй. Знакава, што яна адбываецца напярэдадні гістарычнага дзяржаўнага свята – Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, які з’яўляецца важнай старонкай у гісторыі развіцця нашай краіны. Жадаю ўсім моцнага здароўя,  шчасця і дабрабыту.

Да віншаванняў далучыўся намеснік дырэктара ТАА “РуВітБуд” Аляксандр Мацюлька, якое выступіла падрадчыкам работ.

– Дзякуй за аказаны давер. Заўжды прыемна бачыць вынік нашай работы і ведаць, што ў абноўленых памяшканнях калектыву лабараторыі і пацыентам будзе зручна і ўтульна.

Клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Андрэй Лішко павіншавалі калектыў раённай бальніцы з адкрыццём лабараторыі.  Яны памаліліся за здароўе дзятлаўчан, асвяцілі памяшканні і ўручылі медыкам іконы нябесных заступнікаў, каб ласка Божая дапамагала ў рабоце.

Намеснік галоўнага доктара Алена Якубоўская выказала словы ўдзячнасці раённым уладам і калектыву раённай бальніцы.

– Дзякуй усім, хто прымаў удзел у рэалізацыі гэтага праекта. Кіраўніцтву раёна – за дапамогу, якую наша ўстанова адчувае кожны дзень, з раённага бюджэту пастаянна выдзяляюцца грашовыя сродкі на паляпшэнне санітарнага і матэрыяльна-тэхнічнага стану нашай бальніцы. Мы ўдзячныя будаўнікам за хуткае і якаснае выкананне пастаўленых задач, узаемаразуменне. Дзякуй калегам-медыкам, якія ўдзельнічалі ў заключным этапе падрыхтоўкі памяшканняў да адкрыцця. Асобныя словы хочацца сказаць пра калектыў лабараторыі. Гэта зладжаная каманда прафесіяналаў – адукаваныя, высокакваліфікаваныя, адказныя людзі. Іх дзейнасць не навідавоку, аднак без іх якаснай і аператыўнай работы мы не змаглі б ставіць правільныя дыягназы, падбіраць лячэнне і ратаваць чалавечае жыццё. Віншую вас з адкрыццём абноўленага аддзялення і надыходзячымі святамі, жадаю прадаўжаць плённа працаваць дзеля дабрабыту нашай бальніцы і рэгіёна. Беражыце сваё здароўе і душэўную іскру, сваіх родных, будзьце шчаслівымі, каб дапамагаць пацыентам. 

Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі Вадзім Бялятка, Аляксандр Мацюлька і Алена Якубоўская, пасля чаго госці мерапрыемства змаглі патрапіць у адрамантаваныя памяшканні і ўбачыць абноўленую лабараторыю.

На плошчы 230 квадратных метраў клініка-дыягнастычнай лабараторыі быў выкананы поўны комплекс будаўнічых работ агульным коштам звыш 376 тысяч рублёў. У выніку памяшканні набылі ўтульны сучасны выгляд: абнавіліся рабочыя, бытавыя і санітарныя памяшканні для камфортнай работы і адпычынку персаналу.

источник: https://diatlovonews.by

Другие новости: