“Чакаем не менш, чым аўталаўку”
20.01.2025На Дзятлаўшчыне адбыўся першы выезд перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта. Ён ахопіць абслугоўваннем сельскія населеныя пункты, дзе няма стацыянарных медыцынскіх установаў.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9945.jpg)
– Перасоўны ФАП – неабходны для медыцынскага абслугоўвання насельніцтва нашага раёна і, упэўнены, будзе запатрабаваны ў дзятлаўчан, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. – Раённым выканаўчым камітэтам удзяляецца вялікая ўвага сістэме аховы здароўя: толькі за апошні год праводзіліся рамонтныя работы ў раённай, гарпасялковых бальніцах. Ідзе будаўніцтва ў Новаяльнянскай гарпасялковай бальніцы. У 2024 годзе ў вёсцы Ахонава адчыніў свае дзверы новы модульны ФАП, які палепшыў умовы работы медыцынскага персаналу і дазволіў насельніцтву атрымліваць медыцынскія паслугі ў больш камфортных умовах. Таксама ў мінулым годзе было прынята рашэнне па набыцці перасоўнага ФАПа, які каштаваў раённаму бюджэту больш за 280 тысяч рублёў. Такая форма дазволіць больш дэталёва праводзіць медыцынскае абслугоўванне ў аддаленых населеных пунктах. Вяскоўцы актыўна цікавяцца графікам, выказваюць пажаданні каб іх абавязкова наведалі.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9854.jpg)
Праводзіць перасоўны ФАП у добры шлях у першы дзень яго выезду сабраліся адміністрацыя і калектыў Дзятлаўскай ЦРБ. Памаліўся разам з прысутнымі за добрую работу, здароўе медыкаў і жыхароў раёна і асвяціў новую тэхніку клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9862.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9883.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9849.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9896.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9902-1.jpg)
У першы дзень работы ФАПа ў пуцявым лісце два населеныя пункты. Па маршруце разам з вадзіцелем Міхаілам Пчэльнікам выязджаюць адна з самых вопытных памочнікаў доктара-тэрапеўта Яна Пякарская, намеснік галоўнага доктара Наталля Літвінская і галоўная медыцынская сястра Дзятлаўскай ЦРБ Ілона Белавус. Задача не толькі аказаць медыцынскую дапамогу і пазнаёміць вяскоўцаў з новай формай прыёму, але і ўлічыць водгукі пацыентаў, важныя для далейшай работы.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9970.jpg)
У Яцвезі мясцовыя жыхаркі, даведаўшыся з раённай газеты час выезду, сустракалі медыкаў адразу на вуліцы.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9934.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9944.jpg)
– Чакалі вас не менш, чым аўталаўку, – павіталася з медыкамі Крысціна Латушка. – Раней бачылі па тэлевізары, што такія машыны прыязджаюць у вёскі, нам таксама хацелася. Дзякуй кіраўніцтву раёна і галоўнаму доктару, што зрабілі зручна для людзей. У Яцвезі я ўжо 65 гадоў, даўно жыву адна. Як што са здароўем не так, трэба было хуткую дапамогу выклікаць. Цяпер, дзякуй Богу, можна пачакаць доктара, які прыедзе і паглядзіць на месцы.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9937.jpg)
Жанчыны жартуюць, што першым на прыём абавязкова трэба патрапіць адзінаму на ўсю вёску мужчыну. Пакуль памочнік доктара праводзіць пярвічны агляд, мерае ціск і выводзіць кардыяграму, жанчыны чакаюць на невялікай канапе ва ўтульным калідорчыку ФАПа, дзе цёпла, светла утульна, можна пагаварыць пра жыццё.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9980.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9939-1.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9954.jpg)
У размове Алена Гоман таксама ўхваляе з’яўленне ў вёсцы перасоўнага ФАПа:
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9999-1.jpg)
– За ўсё жыццё практычна ні разу не была ў бальніцы. Працавала на ферме, на пякарні, у “быце”, толькі медагляды праходзіла. А цяпер, як патрапіла ў аварыю, былі пераломы, трэба часцей доктару паказвацца, добра, што да нас будуць самі рэгулярна ездзіць. Тут нават аналізы можна здаць! Асабліва добра, што аптэка будзе, каб сваечасова купляць усе неабходныя лекі.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9996.jpg)
Для памочніка доктара Яны Пякарскай работа ў выязным ФАПе – новы цікавы вопыт. Атрымаўшы прапанову ад кіраўніцтва бальніцы, яна адразу пагадзілася, бо любіць працаваць з людзьмі, а сядзець на месцы ёй наадварот не імпануе. Шэсць гадоў пасля заканчэння Слонімскага медкаледжа яна працавала на прыёме ў паліклініцы, брала дзяжурствы на “хуткай”.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9974.jpg)
– Мне падабаецца, вельмі цікава – новы вопыт. Тут ёсць усё неабходнае для паліклінічнага прыёму: можам памераць вагу і рост, артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, зняць кардыяграму, узяць аналізы, у жанчын – мазкі на онкацыталогію. Для этага з намі будзе выязджаць акушэрка, а пры неабходнасці – вузкія спецыялісты.
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9986.jpg)
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9989.jpg)
Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч расказаў пра асаблівасці фельчарска-акушэрскага пункта і графік яго работы:
![](https://diatlovonews.by/wp-content/uploads/2025/01/IMG_9941.jpg)
– Перасоўны ФАП будзе выязджаць рэгулярна згодна з графікам, які распрацоўваецца на месяц. Пазнаёміцца з ім можна ў раённай газеце “Перамога”. З пажаданнямі па рабоце ФАПа можна звярнуцца ў сельскія саветы або адміністрацыю раённай бальніцы. Таксама мабільны ФАП будзе выкарыстоўвацца як для правядзення прыёму, так і дыспансерызацыі, вакцынацыі сельскага насельніцтва.
Віктар Казіміравіч адзначыў, што перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт цалкам аўтаномны, не патрабуе падключэння да лініі электраперадачы. Ён мае шэсць акумулятараў (на два больш, чым у звычайнай камплектацыі). На выпадак больш працяглай работы прадугледжаны бензінавы генератар. У зімовы перыяд тут заўсёды цёпла: унутры ўсталяваны дзве сістэмы ацяплення, для летняга перыяду – сістэма кандыцыянавання. Ёсць халадзільнае абсталяванне, што дазваляе захоўваць медыкаменты пры нізкіх тэмпературах, а таксама вакцыну для правядзення прышчэпак і пробы крыві, узятыя ў пацыентаў.
источник: https://diatlovonews.by