Знайшла прызванне ў медыцыне. Малады спецыяліст, медсястра прыёмнага аддзялення Дар’я Жук расказала аб сваёй працы
29.11.2023Каб быць добрай медсястрой, недастаткова мець веды і навыкі, трэба таксама валодаць асаблівымі чалавечымі якасцямі, такімі як спачуванне, цярпенне, уважлівасць і, вядома, адказнасць. Штогод у Шчучынскай ЦРБ абнаўляецца сястрынскі персанал, прыходзяць маладыя кадры. Адна з іх – Дар’я Жук, якая за некалькі месяцаў працы ўжо паспела зарэкамендаваць сябе як добры спецыяліст.
Вырасла Дар’я недалёка ад Шчучына, у аграгарадку Руткевічы. З самага дзяцінства дзяўчына ведала, што сваю прафесійную дзейнасць прысвеціць медыцынскай справе.
– Мне падабаецца дапамагаць людзям, і я бачыла ў гэтым прызванне. З дзяцінства захаплялася працай медыцынскіх работнікаў і іх самаадданасцю. Таму і выбрала гэты шлях, хаця ў сям’і да мяне ніхто ў сферы медыцыны не працаваў. Лічу, што прафесія мае практычныя плюсы. Напрыклад, калі ў мяне будзе свая сям’я і дзеці, я заўсёды змагу аказаць ім кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, – кажа Дар’я.
Падчас вучобы ў СШ № 3 г. Шчучына дзяўчына на профільным узроўні вывучала біялогію, разумеючы, што ў будучым ёй гэтыя веды спатрэбяцца. Так і сталася, калі Дар’я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж па спецыяльнасці “сястрынская справа”. Вучоба ў каледжы была цікавай і карыснай. Дар’я адразу ведала, што атрыманыя веды будзе прымяняць на малой радзіме ў Шчучыне. Бо яшчэ да паступлення ўзяла мэтавае накіраванне ад нашай ЦРБ.
Для першага месца працы маладая медсястра выбрала прыёмнае аддзяленне. Як адзначае Дар’я, яно ў бальніцы самае цікавае, бо працаваць прыходзіцца з дарослымі і дзецьмі, па зменах днём і ноччу. У абавязкі медсёстраў уваходзіць вялікі спектр задач. Яны выконваюць назначэнні доктара, робяць ін’екцыі, ставяць кропельніцы, бяруць аналізы і здымаюць электракардыяграмы. Накладванне павязак і гіпсу і іншыя разнастайныя маніпуляцыі – таксама клопат медсёстраў прыёмнага аддзялення. Варта адзначыць, што пацыенты паступаюць у розным стане. Напрыклад, Дар’я ўжо некалькі разоў мела справу з пацярпелымі ў ДТЗ.
– Крыві не баюся, – адзначае дзяўчына. – Хвалявання і панікі ў такіх сітуацыях таксама няма. Я дакладна ведаю свае абавязкі і стараюся выконваць іх як мага лепш. У гэтым мне дапамагаюць старэйшыя калегі, якія шмат чаму вучаць і даюць парады. У каледжы я атрымала шмат інфармацыі, але ж важна таксама ўлічваць досвед спецыялістаў на месцах працы. Сфера медыцыны не стаіць на месцы, і мы павінны паспяваць за зменамі ў ёй, – лічыць маладая дзяўчына.
– У нас складзены план навучання маладых спецыялістаў, стараемся ў любы час быць на сувязі, каб адказаць на пытанні малодшых калег. Усё роўна ў іх яшчэ няма такой практыкі, як у нас, – адзначае старшая медыцынская сястра прыёмнага аддзялення Святлана Дубяга. – Тым больш прыёмнае аддзяленне вельмі разнапланавае, што накладвае дадатковыя складанасці і патрабуе большай адказнасці. Увогуле ў гэтым годзе нам пашанцавала з маладымі кадрамі. Усе дзяўчаты сумленныя, разумныя і адказныя.
Дар’я Жук згуртаваны калектыў лічыць адным з найважнейшых плюсаў сваёй дзейнасці. Таксама дзяўчына адзначае высокую якасць матэрыяльнай базы і годныя ўмовы працы ў прыёмным аддзяленні Шчучынскай ЦРБ, якое некалькі гадоў таму абнавілася пасля рамонту.
– Мне падабаецца працаваць у Шчучыне. Тут сям’я поруч і дом недалёка, ветлівыя і ўважлівыя калегі, добры заробак. Але самае галоўнае, што я маю магчымасць дапамагаць людзям палепшыць здароўе. Таму ўпэўнена, што зараз я знаходжуся на сваім месцы, – падсумоўвае малады спецыяліст Дар’я Жук.
источник: https://dzyannica.by