Молодой стоматолог Жуховичской амбулатории Дарья Недвецкая о жизни в агрогородке, мечтах и поддержке коллег

30.11.2022

Дар’я Нядзвецкая — малады стаматолаг, якая прыйшла працаваць на карысць жыхароў аграгарадка Жухавічы ў жніўні гэтага года. За гэты кароткі час Дар’я Юр’еўна заслужыла ў пацыентаў і калег добрую рэпутацыю, пра яе адгукаюцца як пра добрага спецыяліста. Мы адправіліся да ўрача, каб распытаць аб жыцці ў аграгарадку, працоўным калектыве і аб тым, як зрабіць, каб пацыенты не баяліся зубнога доктара.

Прыехаць прыйшлося з самага ранку: Дар’я Юр’еўна папрасіла, каб наша сустрэча адбылася да пачатку прыёму. У памяшканні амбулаторыі — строгая чысціня і парадак, уздоўж сцен стаяць утульныя стульчыкі, на сцяне — інфармацыйны куток па здаровым ладзе жыцця. Кожны пацыент можа азнаёміцца з карыснай інфармацыяй, пакуль чакае ў чарзе. У кабінеце стаматолага акуратна расстаўлены шкляначкі з неабходнымі лекамі, інструменты старанна складзены і чакаюць свайго часу. Заўважыў, што кабінеты ўрачоў-мужчын і ўрачоў-жанчын адрозніваюцца. У “жаночых” кабінетах адчуваецца нейкая ўтульнасць, нягледзячы на тое, што знешне яны амаль аднолькавыя.

— Сама я з Мінска, — расказвае Дар’я Юр’еўна. — Закончыла стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і летам гэтага года прыехала працаваць па размеркаванні ў Жухавічы.

— Чаму вырашылі стаць урачом?

— Першапачаткова я хацела быць стаматолагам-артапедам, каб рабіць рэстаўрацыі зубоў, канструкцыі, але не атрымалася. У мяне была мара павышаць у людзей самаацэнку, бо многія людзі саромеюцца сваёй знешнасці менавіта з-за зубоў. Непрыгожыя зубы псуюць усмешку, а я хацела дапамагаць людзям стаць больш упэўненымі ў сабе.

— Калі прыйшло ўсведамленне, што стаматалогія — Ваш накірунак?

— Калі быць сумленнай, да гэтага часу не прыйшло, — з усмешкай адказвае Дар’я. —  Але мне падабаецца тое, чым я займаюся. Люблю працаваць рукамі, рабіць штосьці прыгожае, выконваць мастацкую работу. Мая прафесія дае мне такую магчымасць.

— Калі Вы даведаліся, што паедзеце працаваць у аграгарадок, якія думкі ў Вас былі? Не пужала такая перспектыва?

— Я толькі ўзрадавалася! Мне сказалі: “У цябе будзе сваё насельніцтва, і яго зубы будуць тваім тварам!”. Мне вельмі спадабаўся гэты выраз. Я гатова матываваць пацыентаў захоўваць свае зубы здаровымі. Тут гэта рабіць прасцей, чым у вялікім горадзе, дзе насельніцтва значна большае. Тут ты ўсіх ведаеш, а гэта вельмі важна, бо дапамагае наладзіць падыход да кожнага пацыента. Крыху палохала толькі тое, што я ў Жухавічах адзіны стаматолаг. Думала, што не будзе дапамогі, не будзе чалавека, да якога можна звярнуцца. Але я на пастаяннай сувязі са спецыялістамі раёна, калі нешта неабходна, то тэлефаную, пытаюся, даведваюся. Я ўпэўнена, што мне заўжды дапамогуць. Да таго ж мне вельмі пашанцавала з калектывам. Тут працуюць цудоўныя, пазітыўныя людзі, якія вельмі добра мяне прынялі, жартуюць, не даюць засумаваць. Вялікі плюс таксама ў тым, што мне далі новую прасторную кватэру, у мяне добрая суседка. На працу ісці недалёка, блізка цэнтр, у крокавай даступнасці магазіны. Усё вельмі ўтульна і даступна.

— Многія людзі з маленства баяцца стаматолагаў. Як Вам працуецца ў такіх умовах, калі ў чалавека мандраж, ён літаральна трасецца ў крэсле?

— Я стараюся ўсімі магчымымі спосабамі заспакоіць чалавека, адцягнуць яго ўвагу. Важна ўдзяляць пацыенту больш увагі, тады яны супакойваюцца. На фоне ў мяне заўжды грае прыемная музыка, што таксама дапамагае людзям абстрагавацца. Перад працэдурай важна пагаварыць з чалавекам. Калі час дазваляе, даць яму магчымасць выказацца, калі не — сама нешта расказваю, напрыклад, аб тым, як правільна даглядаць свае зубкі. Абавязкова даю людзям магчымасць адпачыць паміж пастаяннай “свярлёжкай”.

— Вы сказалі, што любіце рукамі ствараць штосьці прыгожае. Якія ў Вас захапленні?

— Як такога хобі ў мяне няма, але я вельмі люблю маляваць.

Калі скончылі гутарку, каля кабінета ўжо сядзелі першыя наведвальнікі. Жыхарка аграгарадка прывяла на прыём сваіх дзяцей.

— Дар’я Юр’еўна вельмі харошы доктар і спагадлівы чалавек, — расказвае жанчына. —  Лячылася ў яе сама, і ў чарговы раз дзяцей прыводжу. Яна ўмее размаўляць з малымі, тлумачыць ім, што зубкі неабходна лячыць. Некалі я вазіла дзяцей да ўрача ў Баранавічы, а дзеці не вельмі хацелі лячыць там зубы. Той доктар толькі рукамі развёў, маўляў, не хочуць — значыць не хочуць. Дар’я Юр’еўна пагутарыла з імі, угаварыла, і да яе яны прыходзяць з большай ахвотай.

Такая ж думка пра маладога спецыяліста і ў загадчыка Жухавіцкай амбулаторыі Вольгі Саўко:

— Дар’я Юр’еўна — добрасумленны чалавек, спецыяліст, які мае добрыя зносіны з і пацыентамі, і з калектывам. Яна адразу наладзіла добры кантакт з супрацоўнікамі, і мне падаецца, што яна тут не са жніўня, а ўжо даўно працуе з намі. Мы вельмі задаволены, што да нас прыехаў працаваць такі спецыяліст. А дзякуючы старшыні СВК “Жухавічы” Дзмітрыю Дзмітрыевічу Янкоўскаму ёй прадаставілі пакой у новым доме з усімі выгодамі.

Другие новости: