Сяргей Логаш: «Мозг доктара мусіць працаваць хутка...»
06.10.2022У аддзяленні мікрахірургіі вока Гродзенскай універсітэцкай клінікі ёсць дэвіз: «Прыгожыя вочы кожнаму». Па словах загадчыка аддзялення ўрача-афтальмолага Сяргея Логаша, тут не толькі імкнуцца захаваць людзям зрок і магчымасць бачыць хараство свету, але і дапамагаюць ім заставацца прыгожымі.
За 16 гадоў працы Сяргей Міхайлавіч правёў тысячы аперацый. Пра яго прафесіяналізм сведчаць шматлікія дыпломы і сертыфікаты. А сёлета Сяргей Логаш стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Урач года» ў намінацыі «Урач-хірург».
Сяргей Міхайлавіч ачоліў аддзяленне ў 2015 годзе. А да гэтага часу кіраваў тут яго бацька Міхаіл Васільевіч Логаш. Сяргей Міхайлавіч рос у медыцынскай сям’і (мама таксама доктар) і з дзяцінства быў пагружаны ў атмасферу прафесійных размоў. З усмешкай успамінае, як з аднакласнікамі гартаў медыцынскую літаратуру, паглыбляўся ў тэрміналогію. А яшчэ хлопец вельмі любіў бываць у бацькі на працы.
Справу жыцця Сяргей Логаш выбраў без ваганняў: лячэбны факультэт ГрДМУ, дзе вучыліся і яго бацькі.
Сяргей Логаш:
Студэнцкае жыццё было цікавым: вучоба, практыка ў бальніцы, спорт. Баскетболам захапіўся яшчэ ў школе, потым гуляў за ўніверсітэцкую зборную, зараз — за зборную каманду клінікі.
Пасля заканчэння медуніверсітэта ён пачаў працаваць у ГрУК (тады яшчэ абласная бальніца). Першую самастойную аперацыю па выдаленні катаракты зрабіў падчас праходжання інтэрнатуры. Да гэтага стараўся як мага больш часу праводзіць у аперацыйных, назіраў за работай старэйшых калег, асісціраваў.
Сяргей Логаш:
За 16 гадоў, што я працую, у афтальмалогіі вельмі многае змянілася. Сучаснае абсталяванне дазваляе рабіць малатраўматычныя ўмяшальніцтвы. Прыкладна 90 % аперацый праводзіцца бясшоўным метадам. Аднак вучыцца трэба пастаянна.
У аддзяленні выконваюць шмат экстраных аперацый, звязаных з траўмамі. Тут эфектыўна лечаць катаракту, глаукому, касавокасць, паталогіі павек і г. д., развіваюць лазерную і вітрэарэтынальную хірургію, што дазваляе знізіць інваліднасць пры дыябетычным, атэрасклератычным і гіпертанічным паражэнні вачэй.
У ГрУК створаны банк трансплантатаў рагавіцы і склеры вока, а таксама амніятычнай мембраны. Хірургі паспяхова перасаджваюць гэтыя тканкі. У год праводзіцца каля сотні падобных аперацый.
На пытанне пра якасці, якімі павінен валодаць хірург, Сяргей Міхайлавіч адказвае так:
Мозг доктара мусіць працаваць хутка, не павінна быць панікі, калі прывозяць цяжкага пацыента. Так, ёсць клінічныя пратаколы, але заўсёды бываюць сітуацыі, калі ўрач мусіць прымаць уласнае рашэнне ў адпаведнасці са станам пацыента і на яго карысць.
Сяргей Міхайлавіч за тое, каб паміж урачом і пацыентам быў давер. Лічыць, што чалавек мае права ведаць пра свой стан, метады лячэння, лекі. У аддзяленне мікрахірургіі вока трапляюць і дарослыя, і дзеці. Узаеміны з маленькімі пацыентамі патрабуюць асаблівай увагі доктара.
Сяргей Логаш працуе галоўным пазаштатным афтальмолагам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Пастаянна выязджае ў раёны для кансультацыі калег і пацыентаў. Бывае і на прадпрыемстве Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.
Аддзяленне мікрахірургіі вока ГрУК удзельнічала ў праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Павышэнне даступнасці спецыялізаваных медыцынскіх паслуг для сталага насельніцтва Гродзенскай і Уценскай абласцей» па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь (2014–2020). Гэта дазволіла ўкараніць новыя методыкі лячэння і прафілактыкі захворвання вачэй у сталых людзей, папоўніць аддзяленне новым абсталяваннем.
Сяргея Міхайлавіча радуе адказнае стаўленне да працы і імкненне калег развівацца. Годна прайшлі праз пандэмію: ад планавых аперацый не адмаўляліся, праўда, трошкі зменшылася іх колькасць. Здаралася, даводзілася аперыраваць чалавека з траўмай, які на той момант хварэў на каранавірус. У сваю чаргу калегі Сяргея Логаша адзначаюць яго прафесіяналізм, тактоўнасць у стасунках з супрацоўнікамі і пацыентамі.
Доктар Логаш не толькі працягнуў справу бацькоў. Захаваў ён і сямейную традыцыю: жонка Ірына таксама ўрач, разам вучыліся ў медуніверсітэце. У Логашаў рас-туць дзве дачкі — Сафія і Стэфанія. У дзяўчынак пакуль няма прафесійных пераваг, але ўжо ёсць вялікая павага да прафесіі дзядулі і бабулі, мамы і таты.
источник: https://medvestnik.by